У Міністэрстве абароны Расіі заявілі, што УСУ спрабавалі наступаць на Паўднёва-Данецкім, Запарожскім і Данецкім напрамках, але панеслі «значныя страты ў жывой сіле і тэхніцы». Ва ўкраінскім Генштабе паведамілі, што за мінулыя суткі ў Данецкай і Луганскай абласцях адбылося 28 баявых сутыкненняў з праціўнікам. У амерыканскім Інстытуце па вывучэнні вайны расказалі, навошта Пуціну была патрэбная публічная сустрэча з расійскімі ваеннымі карэспандэнтамі і што стаіць за заявамі, якія прагучалі на ёй.
Расказваем пра галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 476-ы дзень вайны ва Украіне.
Генштаб ВСУ: Пабілі пункт кіравання праціўніка
Расія ўначы зноў атакавала тэрыторыю Украіны крылатымі ракетамі і іранскімі ўдарнымі беспілотнікамі тыпу Shahed. Акрамя таго, нанесла 39 авіяцыйных удараў і правяла 62 абстрэлы з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях УСУ і населеных пунктах. Пра гэта паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы.
— Расійскія войскі працягваюць канцэнтраваць асноўныя намаганні на спробах поўнай акупацыі Луганскай і Данецкай абласцей — за мінулыя суткі на гэтым участку фронту адбылося 28 баявых сутыкненняў.
— На Северскім і Слабажанскім напрамках праціўнік нанёс авіяцыйны ўдар у раёне Агірцава Харкаўскай вобласці, з мінамётаў і артылерыі абстраляў 23 населеныя пункты Чарнігаўскай, Сумскай і Харкаўскай абласцей.
— На Купянскім напрамку расіяне нанеслі авіяцыйны ўдар у раёне Крахмальнага Харкаўскай вобласці. Артылерыйскім і мінамётным абстрэлам падвергліся дзевяць населеных пунктаў на Харкаўшчыне і ў Луганскай вобласці.
— На Ліманскім напрамку расійскія войскі спрабавалі наступаць у раёнах Вясёлага і Раздолаўкі. Нанеслі авіяўдары па населеных пунктах Белагораўка Луганскай і Вясёлае Данецкай вобласці. Артылерыйскім абстрэлам падвергліся сем населеных пунктаў у гэтых абласцях.
— На Бахмуцкім напрамку беспаспяховыя наступальныя дзеянні расійскія сілы вялі ў кірунку Арэхава-Васільеўкі, Іванаўскага і Белай Гары. Нанеслі авіяцыйныя ўдары ў раёнах трох населеных пунктаў, з артылерыі абстралялі восем населеных пунктаў Данецкай вобласці.
— На Аўдзееўскім напрамку расійскія войскі нанеслі авіяцыйныя ўдары каля Аўдзееўкі і Невельскага, абстралялі раёны шасці населеных пунктаў Данецкай вобласці.
— На Мар'інскім напрамку УСУ адбілі шматлікія атакі праціўніка ў раёне Мар'інкі. Расіяне нанеслі па горадзе авіяцыйны ўдар, з артылерыі абстралялі шэсць населеных пунктаў Данецкай вобласці.
— На Шахцёрскім напрамку расійскія войскі нанеслі авіяцыйны ўдар у раёнах трох населеных пунктаў, абстралялі — сем.
— На Запарожскім і Херсонскім напрамках расійскія войскі працягваюць весці абарончыя дзеянні. Нанеслі авіяўдар у раёне Малой Такмачкі Запарожскай вобласці. Абстралялі 18 населеных пунктаў Данецкай, Запарожскай, Херсонскай абласцей і горад Херсон.
— Авіяцыя Сіл абароны за суткі нанесла 13 удараў па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу расійскіх войскаў і чатыры — па зенітна-ракетных комплексах праціўніка.
— Знішчаныя два БПЛА аператыўна-тактычнага ўзроўню «Арлан-10».
— Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі пабілі пункт кіравання, восем раёнаў канцэнтрацыі асабовага складу, узбраення і ваеннай тэхнікі, тры склады боепрыпасаў, зенітна-ракетны комплекс, сем артылерыйскіх падраздзяленняў на агнявых пазіцыях, два сродкі супрацьпаветранай абароны і станцыю радыёэлектроннай барацьбы расійскіх войскаў.
У Генштабе заяўляюць, што ў Запарожскай вобласці расійскія вайскоўцы працягваюць рабаваць мясцовае насельніцтва. Так, з пасёлка Ачаратуватае, у напрамку горада Такмак зафіксаваны рух цэлых аўтамабільных калон з нарабаванай бытавой тэхнікай, мэбляй і іншай маёмасцю мясцовых жыхароў. У порце акупаванага Бярдзянска сухагрузы загружаюць скрадзенымі ва ўкраінскіх фермераў збожжавымі культурамі, якія плануюць вывезці на тэрыторыю Расіі.

Мінабароны Расіі: Ліквідавалі чатыры ДРГ праціўніка
«Сёння ноччу Узброеныя сілы Расійскай Федэрацыі нанеслі групавыя ўдары высокадакладнай зброяй вялікай далёкасці марскога і паветранага базавання па месцах канцэнтрацыі рэзерваў УСУ і замежных наймітаў, а таксама складах боепрыпасаў, узбраення і ваеннай тэхнікі замежнай вытворчасці. Усе прызначаныя аб’екты пабітыя. Мэта ўдараў дасягнутая», — заявілі ў Міністэрстве абароны Расіі.
— Цягам мінулых сутак падраздзяленні УСУ беспаспяхова спрабавалі наступаць на Паўднёва-Данецкім, Запарожскім і Данецкім напрамках, працягваючы несці значныя страты ў жывой сіле і тэхніцы.
- На Урэмеўскім выступе ў раёне населенага пункта Макараўка Данецкай вобласці адбітыя атакі дзвюх мотапяхотных ротаў УСУ пры падтрымцы чатырох танкаў і 11 баявых браніраваных машын. Падчас баявых дзеянняў знішчаныя чатыры танкі і сем баявых браніраваных машын праціўніка.
- У раёне населенага пункта Прачыстаўка Данецкай вобласці адбітыя атакі дзвюх ротных тактычных груп УСУ. Страты праціўніка склалі пяць танкаў і пяць баявых браніраваных машын.
- У раёнах населеных пунктаў Раўнаполь Данецкай вобласці, Ляваднае Запарожскай вобласці і саўгаса «Кастрычнік» падраздзяленні расійскіх войскаў падбілі пяць танкаў УСУ.
— На Запарожскім напрамку ўдарамі штурмавой авіяцыі сарваная атака падраздзяленняў 128-й горна-штурмавой брыгады УСУ ў раёне населенага пункта Жарабянкі Запарожскай вобласці.
Усяго за мінулыя суткі страты УСУ на Паўднёва-Данецкім і Запарожскім напрамках склалі больш за 800 вайскоўцаў, 20 танкаў, чатыры баявыя машыны пяхоты, 15 баявых браніраваных машын, дзве артылерыйскія сістэмы М777, гаўбіцы «Мста-Б» і Д-30, а таксама баявая машына рэактыўнай сістэмы залпавага агню «Град». У раёне населенага пункта Новаандрэеўка Запарожскай вобласці знішчаны склад артылерыйскіх боепрыпасаў 65-й механізаванай брыгады УСУ.
— На Данецкім напрамку актыўнымі дзеяннямі Паўднёвай групоўкі войскаў у раёнах населеных пунктаў Першамайскае і Пятроўскае Данецкай вобласці адбітыя дзве атакі праціўніка. Падчас баёў страты ўкраінскіх войскаў склалі больш за 205 вайскоўцаў, дзве баявыя браніраваныя машыны, сем аўтамабіляў, а таксама дзве гаўбіцы Д-20. У раёнах населеных пунктаў Северск Малы і Часаў Яр Данецкай вобласці знішчаныя склады боепрыпасаў 45-й артылерыйскай і 57-й мотапяхотнай брыгадаў УСУ.
— На Купянскім напрамку ўдарамі авіяцыі, агнём артылерыі і актыўнымі дзеяннямі падраздзяленняў Заходняй групоўкі войскаў у раёнах населеных пунктаў Сінькоўка, Бераставое і Арцёмаўка Харкаўскай вобласці спыненая дзейнасць трох украінскіх дыверсійна-разведвальных груп. Цягам сутак на гэтым напрамку знішчаныя да 30 украінскіх вайскоўцаў, баявая браніраваная машына, два аўтамабілі, а таксама самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі М109 Paladin і Krab.
— На Чырвона-Ліманскім напрамку ўдарамі авіяцыі, агнём артылерыі групоўкі войскаў «Цэнтр» нанесенае паражэнне падраздзяленням УСУ ў раёнах населеных пунктаў Неўскае, Чырвоная Дзіброва Луганскай вобласці, Тэрны, Тарскае Данецкай вобласці, а таксама Серабранскага лясніцтва. У раёне населенага пункта Грыгораўка Данецкай вобласці ліквідаваная ўкраінская дыверсійна-разведвальная група.
За суткі страты УСУ на гэтым напрамку склалі да 60 вайскоўцаў, баявая машына пяхоты, два пікапы, самаходная артылерыйская ўстаноўка «Гваздзік», гаўбіца Д-20, а таксама баявая машына рэактыўнай сістэмы залпавага агню «Град».
— На Херсонскім напрамку за суткі знішчаныя да 50 украінскіх вайскоўцаў, дзевяць аўтамабіляў, а таксама самаходная артылерыйская ўстаноўка «Акацыя».
Усяго за суткі, паводле МА РФ, нанесенае паражэнне 107 артылерыйскім падраздзяленням, жывой сіле і ваеннай тэхніцы УСУ ў 137 раёнах. У раёне горада Запарожжа знішчаная радыёлакацыйная станцыя выяўлення і суправаджэння паветраных цэляў «П-18». Сродкамі СПА перахопленыя дзве крылатыя ракеты Storm Shadow і чатыры рэактыўныя снарады сістэм залпавага агню HIMARS. Знішчаныя 20 украінскіх беспілотных лётных апаратаў.
Інстытут па вывучэнні вайны: Пуцін спрабуе прадставіць контрнаступленне Украіны як няўдалае, каб Захад перастаў яе падтрымліваць
Украінскія сілы 13 чэрвеня працягвалі контрнаступальныя аперацыі як мінімум на трох напрамках і маюць там тэрытарыяльныя поспехі, адзначаюць эксперты Інстытута па вывучэнні вайны (ISW) у свежай справаздачы. Эксперты звяртаюць увагу на заявы намесніцы міністра абароны Украіны Ганны Маляр пра тое, што ўкраінскія сілы прасунуліся на 250 метраў на паўночны ўсход ад Бахмута і на 200 метраў на поўдзень ад Бахмута, а таксама на 500−1000 метраў вакол адміністрацыйнай мяжы паміж Запарожскай і Данецкай абласцямі, вызваліўшы каля трох квадратных кіламетраў тэрыторыі ў гэтым раёне. Прэс-сакратар Генштаба Украіны Андрэй Кавалёў паведаміў, што з пачатку контрнаступальных аперацый украінскія сілы вызвалілі больш за 100 квадратных кіламетраў тэрыторыі. Кіраўнік ПВК Вагнера Яўген Прыгожын заявіў, што, паводле яго ацэнкі, украінскія сілы, імаверна, вызвалілі нават больш. Расійскія крыніцы сцвярджалі, што ў ноч з 12 на 13 чэрвеня ўкраінскія сілы працягвалі наземныя атакі на паўднёвы захад ад Арэхава і на поўдзень ад Гуляйполя на захадзе Запарожскай вобласьці.
Аналітыкі таксама каментуюць учорашнія заявы Уладзіміра Пуціна, зробленыя ім падчас размовы з расійскімі ваеннымі карэспандэнтамі. У прыватнасці, прэзідэнт РФ гаварыў пра ўкраінскае контрнаступленне, мэты Расіі ва Украіне, мабілізацыю і магчымасць увядзення ваеннага становішча ў краіне, а таксама пранікненняў ДРГ у Белгародскую вобласць.
У сувязі з яго заявамі, эксперты лічаць, што:
- Пуцін, магчыма, спрабуе сістэматычна перабольшваць і скажаць украінскія страты заходняй ваеннай тэхнікі, каб прадставіць контрнаступленне Украіны як няўдалае і адбіць у Захаду ахвоту працягваць падтрымліваць Украіну;
- Пуцін яшчэ канчаткова не вырашыў цалкам аддацца вядзенню «татальнай вайны». Яго заявы, імаверна, скіраваныя на запэўніванне сваіх выбаршчыкаў, што ён не збіраецца далей пашыраць «спецыяльную ваенную аперацыю»;
- Пуцін імкнуўся залагодзіць шырока распаўсюджаную ў расійскай інфармацыйнай прасторы незадаволенасць рэйдамі праўкраінскіх сіл праз мяжу ў Белгародскую вобласць, ударамі беспілотнікаў па Расіі і бяспекай межаў агулам;
- акцэнт Пуціна на законнасці добраахвотніцкіх фарміраванняў, магчыма, значыць, што ён збіраецца альбо ўсталяваць непасрэдны кантроль над імі, альбо паставіць умовы для забароны дзяржаўнай дапамогі ПВК, такім як ПВК Вагнера, якія паводле расійскага заканадаўства з’яўляюцца незаконнымі фарміраваннямі.
«Пуцін, імаверна, працягвае публічна ўзаемадзейнічаць з пракрамлёўскімі блогерамі, каб яшчэ больш выкарыстоўваць гэтую супольнасць для пашырэння сваёй падтрымкі сярод расійскіх ультранацыяналістаў», — лічаць у ISW. Эксперты кажуць, што Пуцін усё больш усведамляе, што перакананыя прыхільнікі вайны — яго ключавы электарат, ён таксама стварае інфармацыйныя ўмовы, каб перадухіліць патэнцыйныя напрамкі атакі на Крэмль у выпадку няўдачы Расіі.
На што яшчэ звярнулі ўвагу эксперты:
- расійскія войскі працягвалі наступ на фронце ў раёне Крамянной, але не вялі наступальных дзеянняў на рубяжы Купянск — Сватава;
- украінскія войскі працягвалі наступаць на паўночным і паўднёвым флангах Бахмута, а расійскія войскі распачалі контратакі ў раёне Бахмута;
- расійскія войскі працягваюць наступальныя дзеянні на рубяжы Аўдзееўка — Данецк і перакідваюць туды дадатковыя сілы з левага берага Херсонскай вобласці;
- расійскія сілы правялі абмежаваныя наземныя атакі паблізу адміністрацыйнай мяжы Данецкай і Запарожскай абласцей;
- прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заявіў, што са студзеня 2023 года расійскія ўзброеныя сілы завербавалі 150 тыс. вайскоўцаў па кантракце, а таксама больш за 6 тыс. добраахвотнікаў;
- паведамляецца, што расійскія акупацыйныя ўлады на левым беразе Херсонскай вобласці працягваюць праводзіць эвакуацыю ў затопленых раёнах, хоць, імаверна, па-ранейшаму адмаўляюць у дапамозе некаторым жыхарам.