У Міністэрстве абароны Расіі заявілі, што мінулай ноччу нанеслі «істотныя страты стратэгічным рэзервам» УСУ. Ва ўкраінскім Генштабе паведамілі, што працягнулі весці наступальныя дзеянні на поўдзень і поўнач ад Бахмута і замацоўвацца на дасягнутых рубяжах. У Інстытуце па вывучэнні вайны расказалі пра серыю ўкраінскіх ракетных удараў па расійскіх тылавых пазіцыях па ўсім фронце.
Расказваем пра галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 498-ы дзень вайны ва Украіне.
Генштаб УСУ: 38 баявых сутыкненняў з праціўнікам за суткі
За мінулыя суткі расійскія войскі нанеслі 59 авіяцыйных удараў і правялі 65 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню па пазіцыях украінскіх войскаў і населеных пунктах. Пра гэта паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы.
— Расійская армія працягвае засяроджваць асноўныя намаганні на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках — за мінулыя суткі тут адбылося 38 баявых сутыкненняў.
— На Северскім і Слабажанскім напрамках праціўнік нанёс авіяцыйныя ўдары ў раёнах трох населеных пунктаў, у тым ліку па Харкаве, абстраляў больш за 35 населеных пунктаў Чарнігаўскай, Сумскай і Харкаўскай абласцей.
— На Купянскім напрамку расійскія сілы не спыняюць спробаў наступаць у раёне Навасёлаўскага Луганскай вобласці — усе атакі праціўніка былі адбітыя. Армія РФ нанесла авіяўдары ў раёнах двух і абстраляла шэсць населеных пунктаў Харкаўскай вобласці.
— На Ліманскім напрамку расійскія войскі спрабавалі выцесніць УСУ з займаных пазіцый у раёне Новаягораўкі Луганскай вобласці, поспеху не мелі. Нанеслі авіяўдар у раёне Белагораўкі, абстралялі больш за 10 населеных пунктаў Луганскай і Данецкай вобласці.
— На Бахмуцкім напрамку Сілы абароны адбілі атакі праціўніка ў раёнах на поўдзень ад Бярхоўкі і Багданаўкі Данецкай вобласці; працягнулі весці наступальныя дзеянні на поўдзень і поўнач ад горада Бахмут і замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах. Праціўнік нанёс авіяцыйныя ўдары ў раёнах Багданаўкі і Тарэцка, абстраляў больш за 10 населеных пунктаў Данецкай вобласці.
— На Аўдзееўскім напрамку УСУ працягваюць стрымліваць наступ расійскіх войскаў у раёне горада Аўдзееўка. Праціўнік нанёс авіяўдары ў раёнах Аўдзееўкі і Невельскага, абстраляў больш за 15 населеных пунктаў Данецкай вобласці.
— На Мар'інскім напрамку УСУ адбілі расійскія атакі ў раёне горада Мар'інка. Праціўнік нанёс авіяцыйны ўдар у раёне Краснагораўкі Данецкай вобласці, абстраляў больш за 10 населеных пунктаў Данецкай вобласці.
— На Шахцёрскім напрамку расійская армія нанесла авіяцыйныя ўдары ў раёнах чатырох і абстраляла больш за 15 населеных пунктаў Данецкай вобласці.
— На Запарожскім і Херсонскім напрамках расійскія войскі засяроджваюць асноўныя намаганні на недапушчэнні прасоўвання УСУ. Нанеслі авіяўдары ў раёнах чатырох населеных пунктаў Херсонскай вобласці, абстралялі з артылерыі больш за 40 населеных пунктаў Запарожскай і Херсонскай абласцей і горад Херсон.
У той жа час Сілы абароны Украіны працягваюць вядзенне наступальнай аперацыі на Мелітопальскім і Бярдзянскім напрамках, замацоўваюцца на дасягнутых рубяжах, наносяць агнявое артылерыйскае паражэнне па выяўленых цэлях праціўніка.
— Авіяцыя Сіл абароны за мінулыя суткі нанесла 13 удараў па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу і знішчыла зенітна-ракетны комплекс расійскіх войскаў.
— Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі пабілі раён канцэнтрацыі жывой сілы, узбраення і ваеннай тэхнікі, чатыры пункты кіравання, склад боепрыпасаў, восем артылерыйскіх сродкаў на агнявых пазіцыях, два сродкі супрацьпаветранай абароны, радыёлакацыйную станцыю і чатыры станцыі радыёэлектроннай барацьбы праціўніка.
Мінабароны Расіі: Пабілі тры пункты кіравання брыгадаў УСУ
У Міністэрстве абароны Расіі заявілі, што ўначы нанеслі ўдар «па пунктах часовай дыслакацыі асабовага складу Узброеных сіл Украіны і замежных наймітаў, а таксама месцах захоўвання бранятанкавай тэхнікі замежнай вытворчасці»: «Усе прызначаныя аб’екты пабітыя. Мэта ўдару дасягнутая».
— Цягам сутак Узброеныя сілы Украіны працягнулі спробы наступальных дзеянняў на Данецкім, Чырвона-Ліманскім і Купянскім напрамках.
— На Данецкім напрамку падраздзяленні Паўднёвай групоўкі войскаў адбілі дзевяць атак УСУ ў раёнах населеных пунктаў Першамайскае, Вадзяное, Вопытнае, Краснагораўка, Паўночнае Данецкай вобласці і Залатароўка Луганскай вобласці. Акрамя таго, на захад ад населенага пункта Кляшчэеўка ўдарылі па канцэнтрацыях жывой сілы і тэхнікі УСУ.
— На Чырвона-Ліманскім напрамку падраздзяленні групоўкі войскаў «Цэнтр» пры падтрымцы авіяцыі, артылерыі і цяжкіх агнямётных сістэм адбілі чатыры атакі падраздзяленняў УСУ ў раёнах населеных пунктаў Ямпалоўка, Тарскае Данецкай і Кавалеўка Луганскай вобласці. Акрамя таго, у раёнах населеных пунктаў Ямпалоўка, Тарскае Данецкай вобласці, Новаягораўка і Чырвоная Дзіброва Луганскай вобласці ўдарылі па канцэнтрацыях жывой сілы і тэхнікі УСУ. У раёнах населеных пунктаў Неўскае і Белагораўка Луганскай вобласці спынілі дзейнасць дзвюх украінскіх дыверсійна-разведвальных груп.
— На Паўднёва-Данецкім і Запарожскім напрамках падраздзяленні групоўкі войскаў «Усход» нанеслі паражэнне жывой сіле і тэхніцы УСУ ў раёнах населеных пунктаў Раўнаполь, Макараўка, Наваданецкае і Ураджайнае Данецкай вобласці. У раёнах населеных пунктаў Ураджайнае Данецкай і Даражнянка Запарожскай вобласці спыненая дзейнасць дзвюх украінскіх дыверсійна-разведвальных груп.
— На Купянскім напрамку падраздзяленні Заходняй групоўкі войскаў адбілі атаку УСУ ў раёне населенага пункта Навасёлаўскае Луганскай вобласці. Нанеслі паражэнне падраздзяленням УСУ ў раёнах населеных пунктаў Навамлынск, Петрапаўлаўка, Цімкаўка, Бераставое Харкаўскай вобласці і Стальмахоўка Луганскай вобласці. У раёне населенага пункта Навасёлаўскае Луганскай вобласці знішчаная ўкраінская дыверсійна-разведвальная група.
— На Херсонскім напрамку нанесенае агнявое паражэнне жывой сіле і тэхніцы УСУ.
Усяго за суткі, паводле МА РФ, нанесенае паражэнне 86 артылерыйскім падраздзяленням, жывой сіле і ваеннай тэхніцы УСУ ў 119 раёнах. У Данецкай вобласці пабітыя тры пункты кіравання 118-й брыгады тэрытарыяльнай абароны, 10-й горна-штурмавой брыгады УСУ і 4-й брыгады Нацгвардыі.
Сродкамі СПА збітыя два самалёты Су-25 Паветраных сіл Украіны. За суткі перахопленыя чатыры крылатыя ракеты Storm Shadow, чатыры рэактыўныя снарады сістэмы залпавага агню HIMARS, знішчаныя 15 беспілотных лётных апаратаў.
Інстытут па вывучэнні вайны: УСУ імкнуцца разбурыць расійскую лагістыку
Украінскія сілы нанеслі серыю ракетных удараў па расійскіх тылавых пазіцыях па ўсім фронце цягам ночы і днём 5 ліпеня. Пра гэта гаворыцца ў свежай справаздачы амерыканскага Інстытута па вывучэнні вайны. Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 4 і 5 ліпеня, паказваюць, што ўдары былі нанесеныя па складзе боепрыпасаў у Макееўцы Данецкай вобласці (6 км на паўночны ўсход ад Данецка); па расійскіх пазіцыях каля Дэбальцава (52 км на паўночны ўсход ад Данецка); па чыгуначнай станцыі Ясінаватая (6 км на паўночны ўсход ад Данецка); па будынку расійскай акупацыйнай адміністрацыі ў Валнавасе Данецкай вобласці (35 км на паўднёвы захад ад Данецка).
Расійскія блогеры сцвярджалі, што ўкраінскія сілы таксама нанеслі ўдары па расійскіх пазіцыях у раёне Якімаўкі (16 км на паўднёвы захад ад Мелітопаля) і паспрабавалі нанесці ўдар па Бярдзянску ў Запарожскай вобласці крылатымі ракетамі Storm Shadow, але расійскія сістэмы СПА збілі ўкраінскую ракету ў раёне Бярдзянска. Мясцовы тэлеграм-канал Херсонскай вобласці таксама паведаміў, што расійскія сродкі СПА актывізаваліся ў раёне горада Скадоўск Херсонскай вобласці (60 км на паўднёвы ўсход ад горада Херсон).
Усё гэта дазваляе дапусціць, што ўкраінскія сілы нанеслі серыю скаардынаваных удараў, мэта якіх — разбурыць расійскую лагістыку і наземныя лініі сувязі па ўсім тэатры ваенных дзеянняў, адзначаюць эксперты. Падобным чынам УСУ дзейнічалі падчас Херсонскага контрнаступлення. Як раней заяўлялі эксперты, украінскі бок, відаць, засяродзіўся на знясіленні расійскіх сіл і захаванні жыццяў вайскоўцаў УСУ за кошт больш павольных тэмпаў тэрытарыяльных заваёваў. Такая кампанія УСУ будзе мець назапашвальны кумулятыўны эфект, таму яе вынікі не будуць відавочнымі адразу, адзначаюць у ISW.
На што яшчэ звярнулі ўвагу эксперты:
- паведамляецца, што 5 ліпеня ўкраінскія войскі правялі контрнаступальныя аперацыі на пяці ўчастках фронту і дамагліся поспехаў на некаторых з іх;
- расійскія войскі працягвалі наступальныя дзеянні на лініі Купянск — Сватава, а расійскія і ўкраінскія войскі працягвалі сутычкі ў раёне Крамянной;
- украінскія сілы правялі паспяховыя наступальныя аперацыі ў раёне Бахмута, а расійскія блогеры паведамілі, што УСУ вызвалілі важную вышыню каля Кляшчэеўкі (7 км на паўднёвы захад ад Бахмута);
- расійскія і ўкраінскія войскі працягвалі наземныя атакі ўздоўж лініі Аўдзееўка — Данецк;
- украінскія сілы працягвалі наземныя атакі ў раёне заходняй мяжы Данецкай і ўсходняй мяжы Запарожскай вобласці, а таксама ў заходняй частцы Запарожскай вобласці;
- украінскі чыноўнік пацвердзіў, што ўкраінскія сілы захоўваюць пазіцыі на ўсходнім (левым) беразе Дняпра ў Херсонскай вобласці;
- расійскія афіцыйныя асобы ствараюць інфармацыйныя ўмовы для пераносу рэгіянальных выбараў на акупаванай Украіне, верагодна, баючыся, што ўкраінскія контрнаступленні будуць паспяховымі.