27 жніўня 2023 года УСУ атакавалі аэрадром у Курску дронамі — прычым прарасійскія крыніцы палічылі, што лётныя апараты зробленыя з кардону і пастаўленыя ўкраінцам з Аўстраліі. Пасля ў СБУ пацвердзілі, што наносяць удары кардоннымі беспілотнікамі, і раскрылі некаторыя іх характарыстыкі. Разбіраемся, што за новая зброя з’явілася ва УСУ і на што яна здольная.
Адкуль вядома пра кардонныя дроны?
27 жніўня 2023 года выданне «РБК-Украіна» напісала пра масавы налёт дронаў на аэрадром пад Курскам. Выданне паведаміла, што беспілотнікі трапілі па пяці знішчальніках расійскай авіяцыі — чатырох Су-30СМ і адным МіГ-29, а таксама па зенітных сродках. Спланавала ўсё, як сцвярджае «РБК-Украіна», 13-е Галоўнае ўпраўленне СБУ.
Пасля амерыканская прэса апублікавала спадарожнікавыя здымкі курскага аэрадрома — на кадрах не аказалася слядоў пажараў (гэта будзе растлумачана ніжэй).
А прарасійскі блогер, звязаны з Паветрана-касмічнымі сіламі РФ, напісаў, што для атакі выкарыстоўваліся беспілотнікі вытворчасці аўстралійскай кампаніі SYPAQ, якія пастаўляюцца ва Украіну. Доказаў ён не агучыў.
Пра беспілотнікі, пастаўленых з Аўстраліі, вядома, што каштуюць яны 3500 даляраў за штуку, робяцца з васкаванага (нацёртага, прасякнутага воскам. — Заўв. рэд.) кардону і могуць несці да трох кілаграмаў выбухоўкі. Яны пастаўляюцца ў разабраным стане і вельмі хутка збіраюцца проста на месцы (выкарыстоўваецца толькі клейкая стужка і гумкі). У рух беспілотнік прыводзіцца электрарухавіком, батарэя якога дае магчымасць паляцець на 120 кіламетраў.
Авіяцыйны эксперт Валерый Раманенка адзначаў, што такія апараты могуць выкарыстоўвацца для перанакіравання сродкаў СПА, бо яны нашмат таннейшыя за зенітныя ракеты.
Праўда, як ударныя дроны кардонныя БПЛА наогул не задумваліся. Дрон Corvo (ён называецца менавіта так) — гэта танны малапрыкметны беспілотнік, чыя задача — таемная дастаўка невялікіх грузаў групам на перадавой і ў тыле ворага.
Для гэтага ён робіцца з матэрыялаў, кепска бачных на радары (кардон адносіцца акурат да такіх) і мае два рэжымы — малавышынны палёт з уключаным рухавіком або планаванне з выключаным. Палёт беспілотніка задумваўся аўтаномным, паводле загадзя складзенай праграмы.
Мы першапачаткова меркавалі, што Аўстралія ў гэтым выпадку можа быць ні пры чым. Па-першае, пераробка першапачаткова цывільных беспілотнікаў у дроны-камікадзэ і ўдары імі па тэрыторыі Расіі могуць выклікаць пытанні ў пастаўшчыка. Па-другое, вытворчасць дронаў з васкаванага кардону зусім не выглядала неверагодным хайтэкам — тут важнейшая сама ідэя, а не выкарыстанне нейкіх рэдкіх ці дарагіх матэрыялаў. Украіна цалкам магла асвоіць вытворчасць кардонных беспілотнікаў сама.
Беспілотнікі ад СБУ
31 жніўня з’явіліся звесткі, якія цалкам пацвердзілі нашую версію: вядомы ўкраінскі журналіст Юрый Бутусаў апублікаваў відэа ад крыніц у СБУ. На кадрах відаць выпрабаванні кардоннага беспілотніка (сам дрон на відэа заблюраны — украінскі бок не спяшаецца раскрываць яго выгляд). Аднак відаць, што, выбухаючы, беспілотнік-камікадзэ б’е па значнай плошчы дробнымі аскепкамі.
Неўзабаве з’явіліся і падрабязнасці. Вядомаму ўкраінскаму каналу «Телебачення Торонто» даў інтэрв'ю прадстаўнік кампаніі — распрацоўшчыка кардонных беспілотнікаў, якія ўдарылі па Курску. Паводле яго, распрацоўка гэта ўкраінская і работы над ёю ідуць ужо прыкладна год. Удар такімі дронамі па аэрадроме ён назваў тэставаннем магчымасцяў беспілотніка (які існуе ў некалькіх версіях пад розныя баявыя часткі — напрыклад, супраць пяхоты, тэхнікі або авіяцыі).
Таксама распрацоўшчык унёс яснасць адносна таго, чым дрон-камікадзэ б’е цэлі. Гэта маленькія шарыкі з карбіду вальфраму — аднаго з самых цвёрдых сплаваў у свеце. Такая «вальфрамавая карцеч» з восені мінулага года выкарыстоўваецца УСУ — баявую частку з 182 000 шарыкаў маюць ракеты М30А1 для рэактыўных сістэм HIMARS, пастаўленыя ўкраінскім вайскоўцам у канцы верасня 2022 года.
#Ukraine: Ukraine received new rockets for HIMARS/M270- here we can see a pod of M30A1 guided rockets.
M30A1 differs from previously seen M31A1/A2 by an alternative warhead with 182 000 preformed spheroid steel/tungsten fragments and is designed to be used against soft targets. pic.twitter.com/iAUkjPuaEn
— 🇺 Ukraine Weapons Tracker (@UAWeapons) September 30, 2022
Звычайна баявая частка з вальфрамавымі паражальнымі элементамі выкарыстоўваецца «Хаймарсамі» для знішчэння жывой сілы ці артылерыі на пазіцыі (гэтыя цэлі слаба браніраваныя ці ўвогуле не маюць абароны, і таму іх досыць лёгка пабіць такімі шарыкамі). Пасля выбуху беспілотніка з вальфрамавай карцеччу на паверхні аэрадрома не застаецца ніякіх слядоў і нічога не загараецца — гэтым можа тлумачыцца тое, што спадарожнікавыя здымкі авіябазы ў Курску не паказалі наступстваў пажару.
Чым могуць быць небяспечныя для Расіі новыя дроны?
Мяркуючы з усяго, гэта вельмі эфектыўная зброя супраць авіяцыі, якая стаіць на аэрадромах. Хоць кардонны дрон не можа лётаць далёка (беспілотнікі з электраматорамі наогул не прызначаныя для пералётаў на сотні кіламетраў — батарэі не хопіць) і не нясе вялізнага зараду выбухоўкі, ён мае іншыя вырашальныя перавагі.
Па-першае, дрон складаецца з радыёпразрыстых матэрыялаў (у першую чаргу з кардону) і дрэнна бачны на радары. Вядома, цалкам нябачным беспілотнік не з’яўляецца (матор, сістэма навігацыі і іншае начынне зробленае з матэрыялаў, якія радар бачыць някепска), але заўважыць яго істотна цяжэй, чым пераважную большасць іншых БПЛА.
Па-другое, ён ляціць паводле загадзя закладзенай праграмы, і яго цяжэй здушыць сістэмамі радыёэлектроннай барацьбы і перахапіць кіраванне. І па-трэцяе — падобна, украінцам удалося правільна падабраць «боегалоўку» для такіх атак. Воблака шарыкаў з карбіду вальфраму накрывае вялікую тэрыторыю — то-бок дрону, які даляцеў да аэрадрома, не трэба трапляць проста ў самалёт, а дастаткова падарвацца прыкладна над ім. А вальфрамавыя паражальныя элементы, якія ляцяць з велізарнай хуткасцю, без праблем праб’юць танкасценную алюмініевую трубу з абсталяваннем унутры (то-бок самалёт).
Украінскі валанцёр і спецыяліст па беспілотніках Юрый Касьянаў адзначыў у сваім канале, што ідэя невялікіх БПЛА з такой баявой часткай вельмі жыццяздольная. «Для паражэння самалёта праціўніка на аэрадроме зусім неабавязкова яго спальваць, дастаткова нарабіць у ім дзірак, зрабіць з яго рэшата, і ён ужо нікуды не паляціць», — піша ён.
Таму больш-менш масавае выкарыстанне дронаў-камікадзэ з кардону з асколачнай баявой часткай цалкам можа прывесці да вельмі непрыемнай сітуацыі для самалётаў Расіі. Гэтай праблемы ўдалося б пазбегнуць, калі б на расійскіх авіябазах размяшчаліся трывалыя ангары, у якіх можна схаваць авіяцыю. Аднак у рэальнасці такіх збудаванняў няма або амаль няма — мы падрабязна пісалі пра гэта больш за год таму, і з таго часу мала што змянілася.
Пакуль замест гэтага для расійскіх самалётаў выкарыстоўваюць больш танную абарону — да стратэгічных бамбардзіроўшчыкаў Ту-95 пачалі прымацоўваць шыны. Пасля ідэю «маштабавалі», дадаўшы шыны яшчэ і на знішчальнікі-бамбардзіроўшчыкі Су-34.
Распрацоўшчык украінскіх кардонных БПЛА, які даў інтэрв'ю «Телебаченню Торонто», ужо ахарактарызаваў ідэю абараняцца шынамі як не вельмі эфектыўную — паводле яго, такімі мерамі можна хіба што прыціснуць самалёт да зямлі, калі яго здзімае, а надзейнай броні супраць карбіду вальфраму з гумы не атрымаецца.
Чытайце таксама


